Комитет государственной безопасности Республики Беларусь
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь

Аб узбуджэнні крымінальнай справы

12 мая 2016
Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь выкрыта і спынена карупцыйная дзейнасць шэрага былых і дзеючых службовых асоб Мінскай рэгіянальнай мытні.

На працягу апошніх некалькіх гадоў супрацоўнікі мытні, цераз пасрэдніка з ліку былых работнікаў, сістэматычна атрымлівалі хабары ад прадстаўнікоў камерцыйных структур за аказанне садзейнічання ў паскарэнні мытнага афармлення грузаў, а таксама правядзенні неналежным чынам аперацый мытнага кантролю.

Аператыўнымі падраздзяленнямі КДБ устаноўлена дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці начальніка Маладзечанскага мытнага паста, які быў затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні чарговага хабару ў памеры 1100 долараў ЗША. Саўдзельнік у атрыманні хабару, былы супрацоўнік мытні, які дзейнічаў у інтарэсах адной з камерцыйных структур, таксама затрыманы.

У выніку праведзеных мерапрыемстваў устаноўлены ўдзел у карупцыйнай схеме і іншых супрацоўнікаў мытні.

Так, пры ўзнікненні праблем, звязаных з мытнай вартасцю грузаў, хабары ўручаліся супрацоўніку аддзела тарыфнага рэгулявання Мінскай рэгіянальнай мытні, які, разам з паспяховым вырашэннем гэтых пытанняў, перадаваў камерсантам абмежаваныя да распаўсюджвання звесткі з баз даных мытных органаў.

Паслугі намесніка начальніка аддзела па барацьбе з кантрабандай і АМП Мінскай рэгіянальнай мытні абыходзіліся прадстаўнікам камерцыйнага асяроддзя ў памеры 500 долараў ЗША, а інспектара, які непасрэдна ажыццяўляў мытнае афармленне грузаў у ПМА «Калядзічы - Аўта» - 50 долараў ЗША.

Узбуджаны крымінальныя справы па арт. 430 КК Рэспублікі Беларусь (атрыманне хабару, садзейнічанне ў  атрыманні хабару). Чатыры супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні, якія дапусцілі карупцыйныя правапарушэнні, і пасрэднік затрыманы, да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту.

Праводзяцца неабходныя аператыўна-вышуковыя і следчыя дзеянні, накіраваныя на выяўленне і дакументаванне іншых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці падазроных.
Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе: http://kgb.gov.by/by/news-by/view/ab-uzbudzhenni-kryminalnaj-spravy-127