Комитет государственной безопасности Республики Беларусь
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь

ТЭЗІСЫ даклада на пасяджэнні сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

4 красавіка 2016

па праекце Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь»


Паважаны Уладзімір Паўлавіч,

паважаныя дэпутаты!


Вашай увазе прадстаўлены законапраект «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь».

Асноўная мэта праекта Закона – зніжэнне ўзроўню рызык і пагроз у галіне процідзеяння экстрэмізму.

Яго актуальнасць абумоўлена бягучай дынамікай сітуацыі ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, а таксама міжнароднымі абавязацельствамі нашай краіны.

Прапануецца дапоўніць заканадаўства Рэспублікі Беларусь шэрагам норм па трох блоках:

па-першае, процідзеянне дзейнасці экстрэмісцкіх фарміраванняў;

па-другое, прадухіленне ўдзелу беларускіх грамадзян ва ўзброеных канфліктах за мяжой;

і, па-трэцяе, недапушчэнне выкарыстання ў антыграмадскіх і злачынных мэтах т.зв. кактэйляў Молатава.

У рамках першага напрамку асноўны акцэнт зроблены на прадухіленні стварэння і функцыянавання ў рэспубліцы экстрэмісцкіх структур.

На сённяшні дзень у Беларусі сфарміравана эфектыўная прававая база па процідзеянні крайняй форме экстрэмізму – тэрарызму. Аднак наш крымінальны закон не ўтрымлівае ніводнай нормы, якая прадугледжвае адказнасць за экстрэмізм. Гэта паняцце ў дзеючым Крымінальным кодэксе проста адсутнічае.

У той жа час, паводле ацэнкі Савета Бяспекі ААН, ваяўнічы экстрэмізм з’яўляецца адным з асноўных выклікаў сучаснасці і патрабуе процідзеяння з боку ўсёй сусветнай супольнасці. Самыя вострыя канфлікты, у тым ліку ўзнікненне ІДІЛ, пачыналіся з экстрэмісцкіх груп, якія ў далейшым трансфармаваліся ў тэрарыстычныя арганізацыі.

Нашы партнёры па АДКБ (Казахстан, Кыргызстан), якія спаўна зведалі праявы арганізаванага экстрэмізму, сфарміравалі эфектыўныя прававыя механізмы барацьбы з гэтай з’явай.

Пры гэтым Парламенцкай Асамблеяй дзяржаў – членаў АДКБ у красавіку 2015 года Рэспубліцы Беларусь рэкамендавана дапоўніць і пашырыць нацыянальнае заканадаўства ў сферы процідзеяння экстрэмізму.

Адзначу, што азначэнне экстрэмізму ў нацыянальным заканадаўстве не пераглядалася ўжо амаль 10 гадоў. Акрамя таго, дзеючым Законам «Аб процідзеянні экстрэмізму» ўстаноўлены парадак прызнання арганізацыі экстрэмісцкай толькі ў выпадку, калі яна афіцыйна зарэгістравана. У той жа час, як паказвае практыка і замежны вопыт, найбольшую пагрозу ўяўляюць менавіта незарэгістраваныя фарміраванні, на якія гэты прававы механізм не распаўсюджваецца.

З улікам таго ў праекце Закона прадугледжваецца пашырэнне і сістэматызацыя паняцця «экстрэмізм».

Уводзіцца прынцыпова важнае азначэнне – экстрэмісцкае фарміраванне, якое ахоплівае дзейнасць як зарэгістраваных, так і незарэгістраваных структур. Таксама ўводзіцца дадатковая прыкмета экстрэмісцкай дзейнасці («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў, іх выраб, выданне, захоўванне і перавозка з мэтай распаўсюджвання").

У якасці прававога механізма рэалізацыі Закона «Аб процідзеянні экстрэмізму» прапануецца ўстанавіць крымінальную адказнасць за дзеянні па стварэнні і фінансаванні аб’яднанняў грамадзян пры наяўнасці ў іх дзейнасці прыкмет.

Звяртаю ўвагу, што крымінальная адказнасць за экстрэмізм распаўсюджваецца выключна на кіраўнікоў і фінансістаў экстрэмісцкай дзейнасці, якія ў поўнай меры разумеюць грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў.

Таксама хацеў бы адзначыць, што ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь, у адрозненне ад нашых партнёраў па АДКБ, не прадугледжана самастойнай адказнасці за распальванне варожасці па моўнай і сацыяльнай прыналежнасці. А менавіта моўная або сацыяльная прыналежнасць часта становіцца аб’ектам экстрэмісцкіх замахаў. У сувязі з гэтым прапануецца крыміналізаваць распальванне сацыяльнай варожасці шляхам пашырэння дыспазіцыі артыкула 130 Крымінальнага кодэкса.

Акрамя таго, прапануецца пашырыць адміністрацыйную адказнасць за распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, у якой змешчаны заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. Справа ў тым, што на гэты час для прыцягнення асобы да адказнасці неабходна, каб на момант учынення супрацьпраўных дзеянняў інфармацыйная прадукцыя, якая ёю вырабляецца, захоўваецца або распаўсюджваецца, ужо была прызнана судом экстрэмісцкімі матэрыяламі.

 У адваротным выпадку такая асоба адказнасці не нясе. Новая рэдакцыя артыкула 17.11 КоАП уводзіць адказнасць за тыражаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, у тым ліку не ўключаных у рэспубліканскі спіс.

Паўнамоцтвы па складанні пратаколаў аб гэтых правапарушэннях, акрамя МУС і КДБ, прапануецца дадактова прадаставіць службовым асобам пракуратуры і мытных органаў.

Адначасова законапраект прадугледжвае неабходнасць размяшчэння ў сетцы Інтэрнэт на сайце Міністэрства інфармацыі звестак аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Гэта дасць магчымасць  спрасціць доступ да пераліку такіх матэрыялаў.

Па другім пытанні – прадухіленні ўдзелу беларускіх грамадзян ва ўзброеных канфліктах за мяжой – хацеў бы ўдакладніць наступнае.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй і Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі Беларусь праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку і імкнецца да стварэння ўмоў для набыцця нейтральнага статусу.

Разам з тым яшчэ Гаагскай канвенцыяй 1907 года ўстаноўлена, што дзяржава страчвае статус нейтральнай, калі асобная асоба з ліку яе грамадзян добраахвотна ўступае ў армію ваюючых бакоў. У сувязі з гэтым удзел грамадзян Беларусі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі іншых дзяржаў стварае пагрозу ўцягнення рэспублікі ва ўзброеныя канфлікты на шкоду нацыянальным інтарэсам. Такія сітуацыі негатыўна ўплываюць і на міжнародны імідж нашай краіны.

Акрамя таго, удзел беларускіх грамадзян у баявых дзеяннях за мяжой у цэлым мае антысацыяльны характар, садзейнічае фарміраванню слоя прафесійна падрыхтаваных і прайшоўшых кроў баевікоў.

У той жа час Крымінальны кодэкс прадугледжвае адказнасць толькі для наёмнікаў, інакш кажучы асоб, якія ваююць выключна з  карыслівай зацікаўленасці.

 Гэта не дае магчымасці прыцягваць да адказнасці грамадзян, якія ўдзельнічаюць ва ўзброеных канфліктах зыходзячы з ідэйных і іншых меркаванняў, а таксама ў выпадках, калі немагчыма даказаць іх матэрыяльную зацікаўленасць. Адсутнасць крымінальнай нормы таксама перашкаджае прафілактычнай рабоце адносна такой катэгорыі асоб.

Законапраект прадугледжвае ўстараненне гэтага прабелу і ўстанаўленне крымінальнай адказнасці за ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеных канфліктах нават пры адсутнасці прыкмет наёмніцтва (артыкул 361 прым тры). Таксама прадугледжваецца адказнасць за вярбоўку і падрыхтоўку грамадзян, фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці.

Улічваючы, што згаданыя злачынствы могуць учыняцца на тэрыторыі замежнай дзяржавы, папярэдняе следства прапануецца аднесці да кампетэнцыі органаў дзяржаўнай бяспекі.

Адзначу, што такія нормы апошнія гады былі ўведзены ў крымінальнае заканадаўства многіх краін СНД. Паводле даных нашых калег, гэта дало магчымасць істотна знізіць колькасць асоб, якія робяць спробы выехаць на Блізкі Усход для ўступлення ў рады ІДІЛ.

Трэці блок новаўвядзенняў прадугледжвае адказнасць за абарот прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.

Як паказвае замежны вопыт, у ходзе пратэстаў радыкалы ўсё актыўней выкарыстоўваюць самаробныя запальныя сумесі, так званыя «кактэйлі Молатава». У Рэспубліцы Беларусь такія адзінкавыя дзеянні таксама мелі месца.

Для прафілактыкі і процідзеяння выкарыстанню «кактэйляў Молатава» законапраектам прадугледжана ўвядзенне крымінальнай адказнасці за іх выраб, збыт, захоўванне, нашэнне і перавозку.

Адначасова ўводзяцца адпаведныя дапаўненні ў Законы аб масавых мерапрыемствах, аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах, аб прававым становішчы замежных грамадзян, аб зброі.

Паважаныя дэпутаты,

на заканчэнне хацеў бы адзначыць, што крыміналізацыя вышэйпералічаных дзеянняў будзе выконваць, перш за ўсё, папераджальна-прафілактычную функцыю.

Гэта дасць магчымасць эфектыўна процідзейнічаць фарміраванням і асобам, якія ставяць сабе за мэту падарваць унутрыпалітычную стабільнасць і грамадскую бяспеку.

Законапраект распрацаваны пад кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі і ўзгоднены з Саветам Міністраў, Адміністрацыяй Прэзідэнта, Вярхоўным Судом, Генеральнай пракуратурай, Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь і іншымі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі.
 
Законапраект прайшоў юрыдычную і крыміналагічную экспертызы. Яго прыняцце не прывядзе да дадатковых расходаў бюджэтных сродкаў.

З улікам выкладзенага прашу падтрымаць нашы прапановы і прыняць законапраект у двух чытаннях.

Таксама гатовы адказаць на Вашы пытанні.
Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе: http://kgb.gov.by/by/news-by/view/tezisy-daklada-na-pasjadzhenni-sesii-palaty-pradstaunikou-natsyjanalnaga-sxodu-respubliki-belarus-123