Комитет государственной безопасности Республики Беларусь
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь

Пералік артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць адказнасць за тэрарыстычную дзейнасць

У Асаблівай частцы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь адказнасць за ўчыненне тэрарыстычных злачынстваў прадугледжана наступнымі артыкуламі:


Артыкул 124. Акт тэрарызму ў адносінах да прадстаўніка замежнай дзяржавы ці міжнароднай арганізацыі 

1. Насілле ў адносінах да прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі, захоп і (або) утрыманне яго ў якасці заложніка, выкраданне і (або) пазбаўленне яго волі ў мэтах правакацыі міжнародных ускладненняў або вайны ці дэстабілізацыі грамадскага парадку ў замежнай дзяржаве – 

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў.

2. Забойства прадстаўніка замежнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі ў мэтах правакацыі міжнародных ускладненняў або вайны ці дэстабілізацыі грамадскага парадку ў замежнай дзяржаве – 

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, або пакараннем смерцю. 

Заўвага. Асоба, якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы да дзеянняў, прадугледжаных гэтым артыкулам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за гэтыя дзеянні, калі яна своечасовым папярэджаннем дзяржаўных органаў або іншым чынам прадухіліла акт тэрарызму ў адносінах да прадстаўніка замежнай дзяржавы ці міжнароднай арганізацыі. 

Артыкул 126. Акт міжнароднага тэрарызму

1. Учыненне на тэрыторыi замежнай дзяржавы альбо на тэрыторыі дыпламатычнага прадстаўніцтва, консульскай установы замежнай дзяржавы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, узрыву, падпалу, затаплення, іншых дзеянняў агульнанебяспечным спосабам альбо ствараючых небяспеку гібелі людзей, нанясення ім цялесных пашкоджанняў цi наступлення iншых цяжкіх наступстваў у мэтах правакацыі міжнародных ускладненняў ці вайны або дэстабілізацыі грамадскага парадку ў замежнай дзяржаве (акт міжнароднага тэрарызму) – 

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў.

2. Акт міжнароднага тэрарызму, учынены паўторна, або групай асоб па папярэдняй змове, або асобай, якая раней учыніла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 124, 289, 2901 ці 359 гэтага Кодэкса, альбо звязаны з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, – 

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці гадоў. 

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя арганізаванай групай, ці з прымяненнем аб’ектаў выкарыстання атамнай энергіі, ці з выкарыстаннем радыеактыўных рэчываў альбо ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксічных хімічных ці біялагічных рэчываў або звязаныя з забойствам чалавека, а таксама забойства дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча замежнай дзяржавы ў мэтах правакацыі міжнародных ускладненняў ці вайны або дэстабілізацыі грамадскага парадку ў замежнай дзяржаве –

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў, або пажыццёвым зняволеннем, або пакараннем смерцю.
 
Заўвагі:
1. Асоба, якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы да дзеянняў, прадугледжаных гэтым артыкулам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за гэтыя дзеянні, калі яна своечасовым папярэджаннем дзяржаўных органаў або іншым чынам прадухіліла акт міжнароднага тэрарызму.
2. Пад тэрыторыяй дыпламатычнага прадстаўніцтва, консульскай установы замежнай дзяржавы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у гэтым артыкуле маюцца на ўвазе памяшканне, будынак (частка будынка), зямельны ўчастак, якія выкарыстоўваюцца дыпламатычным прадстаўнiцтвам, консульскай установай замежнай дзяржавы для іх размяшчэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 289. Акт тэрарызму

1. Учыненне ўзрыву, падпалу, затаплення, іншых дзеянняў агульнанебяспечным спосабам або ствараючых небяспеку гібелі людзей, нанясення ім цялесных пашкоджанняў альбо наступлення iншых цяжкіх наступстваў у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, або стварэння перашкод палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, або запалохвання насельніцтва, або дэстабілізацыі грамадскага парадку (акт тэрарызму) – 

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў. 

2. Акт тэрарызму, учынены паўторна, або групай асоб па папярэдняй змове, альбо асобай, якая раней учыніла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 124, 126, 2901–2905 , часткай 4 артыкула 309, часткай 3 артыкула 311 і артыкулам 359 гэтага Кодэкса, або спалучаны з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, – 

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дваццаці гадоў.

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненнем аб’ектаў выкарыстання атамнай энергіі, або з выкарыстаннем радыеактыўных рэчываў альбо ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксічных хімічных ці біялагічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека, – 

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў, ці пажыццёвым зняволеннем, або пакараннем смерцю.

Заўвага. Асоба, якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы да дзеянняў, прадугледжаных гэтым артыкулам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за гэтыя дзеянні, калі яна своечасовым папярэджаннем дзяржаўных органаў або іншым чынам прадухіліла акт тэрарызму.

Артыкул 290. Пагроза ўчыненнем акта тэрарызму 

1. Пагроза ўчыненнем дзеянняў, прадугледжаных артыкуламі 124, 126, 289 або 359 гэтага Кодэкса (пагроза ўчыненнем акта тэрарызму), – 

 караецца арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, альбо пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін. 

2. Пагроза ўчыненнем акта тэрарызму, ажыццёўленая паўторна, або групай асоб па папярэдняй змове, альбо якая прывяла да нанясення шкоды ў буйным памеры ці да іншых цяжкіх наступстваў, – 

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.


Артыкул 2901. Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці 

1. Прадастаўленне або збор сродкаў любым спосабам у мэтах выкарыстання ў тэрарыстычнай дзейнасці, матэрыяльнага забеспячэння або іншай падтрымкі заведама для вінаватага тэрарыстаў, тэрарыстычных груп і тэрарыстычных арганізацый (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) – 
 
 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

2. Такія ж дзеянні, учыненыя паўторна, або арганiзаванай групай, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, ці асобай, якая раней учынiла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 124–127, 131, 287, 289, 290, 2902–292, часткай 4 артыкула 294, часткай 4 артыкула 295, часткай 4 артыкула 309, часткай 3 артыкула 311, артыкуламі 359 і 360 гэтага Кодэкса, – 

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Заўвага. Асоба, якая ажыццявіла фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці згодна з гэтым артыкулам, калі яна своечасова заявіла аб зробленым  і (або) іншым чынам садзейнічала прадухіленню акта тэрарызму і выкрыццю гэтага злачынства. 

Артыкул 2902. Садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці

1. Вярбоўка або іншае ўцягненне асобы ў тэрарыстычную дзейнасць, а таксама абучэнне або іншая падрыхтоўка асобы для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці –

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

2. Тыя ж дзеянні, учыненыя асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, –

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Заўвага. Асоба, якая ўчыніла злачынства, прадугледжанае гэтым артыкулам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі яна своечасовым паведамленнем дзяржаўным органам або іншым чынам садзейнічала прадухіленню або спыненню злачынства, прадугледжанага гэтым артыкулам.

Артыкул 2903. Праходжанне абучэння або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці

Праходжанне асобай абучэння або іншай падрыхтоўкі, заведама для гэтай асобы маючых на мэце яе далейшы ўдзел у тэрарыстычнай дзейнасці, –

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад шасці да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі. 

Заўвага. Асоба, якая ўчыніла злачынства, прадугледжанае гэтым артыкулам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі яна своечасовым паведамленнем дзяржаўным органам або іншым чынам садзейнічала прадухіленню або спыненню злачынства, прадугледжанага гэтым артыкулам.

Артыкул 2904. Стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй

1. Дзейнасць па стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо кіраванне такой арганізацыяй або яе часткай ці яе структурнымі падраздзяленнямі –

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

2. Удзел у арганізацыі, створанай для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці, –
 
караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Заўвага. Асоба, якая добраахвотна спыніла ўдзел у арганізацыі, створанай для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле.

Артыкул 2905. Арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі

1. Арганізацыя дзейнасці арганізацыі, якая ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прызнана тэрарыстычнай, –

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

2. Удзел у дзейнасці арганізацыі, якая ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прызнана тэрарыстычнай, –
 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Заўвага. Асоба, якая добраахвотна спыніла ўдзел у дзейнасці арганізацыі, што ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прызнана тэрарыстычнай, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле.

Артыкул 359. Акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча 

1. Насілле ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча, захоп і (або) утрыманне яго ў якасці заложніка, выкраданне і (або) пазбаўленне яго волі, учыненыя ў сувязі з яго дзяржаўнай ці грамадскай дзейнасцю ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, або стварэння перашкоды палiтычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, або запалохвання насельніцтва, або дэстабілізацыі грамадскага парадку, – 

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў.

2. Забойства дзяржаўнага або грамадскага дзеяча, учыненае ў сувязі з яго дзяржаўнай ці грамадскай дзейнасцю ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, або стварэння перашкоды палiтычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, або запалохвання насельніцтва, або дэстабілізацыі грамадскага парадку, – 

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці пяці гадоў, ці пажыццёвым зняволеннем, ці пакараннем смерцю.

Заўвага. Асоба, якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы да дзеянняў, прадугледжаных гэтым артыкулам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за гэтыя дзеянні, калі яна своечасовым папярэджаннем дзяржаўных органаў або іншым чынам прадухіліла акт тэрарызму ў адносінах  да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча. 


Артыкул 361. Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды знешняй бяспецы Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці 

1. Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, або ўчынення акта тэрарызму ці дыверсіі, альбо ўчынення iншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды знешняй бяспецы Рэспублiкi Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы i абараназдольнасцi ці распаўсюджванне матэрыялаў, у якіх змешчаны такія заклікі, – 

 караюцца арыштам на тэрмін да шасці месяцаў або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

2. Заклікі, звернутыя да замежнай дзяржавы, замежнай або міжнароднай арганізацыі, ажыццявіць дзеянні на шкоду знешняй бяспецы Рэспублiкi Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы i абараназдольнасцi альбо распаўсюджванне матэрыялаў, у якіх змешчаны такія заклікі, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства –

 караюцца арыштам на тэрмін да шасці месяцаў ці пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі, – 

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

Асобныя злачынствы могуць быць накіраваны як на дасягненне мэт тэрарызму, так і мець іншыя мэты. У выпадках, калі гэтыя дзеянні маюць тэрарыстычны характар, крымінальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжваюцца ўзмоцненыя меры адказнасці за іх учыненне. У прыватнасці, гэта прадугледжана наступнымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:


Артыкул 291. Захоп заложніка 

1. Захоп альбо ўтрыманне асобы ў якасці заложніка, спалучаныя з пагрозай яе забойства, нанясення ёй цялесных пашкоджанняў або далейшага ўтрымання гэтай асобы, у мэтах прымусу дзяржаўнага органа, міжнароднай арганізацыі, юрыдычнай або фізічнай асобы ці групы асоб учыніць або ўстрымацца ад учынення якога-небудзь дзеяння як умовы вызвалення заложніка (захоп заложніка) – 

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў. 

2. Захоп заложніка, учынены:

1) групай асоб па папярэдняй змове;

2) паўторна;

3) з прымяненнем у час захопу або ўтрымання асобы насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага; 

4) у адносінах да заведама непаўналетняга;

5) заведама для вінаватага ў адносінах да цяжарнай жанчыны;

6) у адносінах да дзвюх ці больш асоб;

7) з карыслівых меркаванняў або па найме, – 

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад шасці да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя арганізаванай групай, або якія прывялі па неасцярожнасці да смерці чалавека, або да іншых цяжкіх наступстваў па неасцярожнасці ці наўмысна, – 

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі. 

Заўвага. Асоба, якая добраахвотна або па патрабаванні ўлады вызваліла заложніка, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці згодна з гэтым артыкулам. 

Артыкул 292. Захоп будынкаў і збудаванняў 

1. Захоп будынкаў, збудаванняў, шляхоў або сродкаў зносін і сувязі, іншых камунікацый, стацыянарных платформ, размешчаных на кантынентальным шэльфе, альбо іх утрыманне, спалучаныя з пагрозай іх знішчэння або пашкоджання альбо з пагрозай забойствам грамадзян або нанясеннем ім цялесных пашкоджанняў, з мэтай прымусіць дзяржаўны ці іншы орган, юрыдычную ці фізічную асобу або групу асоб учыніць альбо ўстрымацца ад учынення якога-небудзь дзеяння як умовы невыканання пагрозы, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такіх дзеянняў –

 караюцца арыштам на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін.

2. Такія ж дзеянні, учыненыя арганізаванай групай, альбо якія прывялі па неасцярожнасці да смерці чалавека, або нанясення ўрону ў асабліва буйным памеры ці іншых цяжкіх наступстваў, – 

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да дванаццаці гадоў. 

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя з прымяненнем боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, узрыўных устройстваў, а таксама ядзернай, хімічнай, біялагічнай або іншых відаў зброі масавага паражэння або асноўных частак такой зброі, – 

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.


Артыкул 294. Раскраданне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў або выбуховых рэчываў

1. Раскраданне агнястрэльнай зброі, яе састаўных частак або кампанентаў, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў або ўзрыўных устройстваў –

 караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці альбо без канфіскацыі.

2. Раскраданне ядзернай, хімічнай, біялагічнай ці іншых відаў зброі масавага паражэння або асноўных частак такой зброі –

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

3.  Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя ў мэтах збыту, ці паўторна, або групай асоб, ці службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо асобай, якой зброя масавага паражэння ці яе асноўныя часткі, агнястрэльная зброя, яе састаўныя часткі ці кампаненты, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы ці ўзрыўныя ўстройствы выдадзены для службовага карыстання або давераны пад ахову, – 

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю альбо без пазбаўлення.

4. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1, 2 або 3 гэтага артыкула, учыненыя шляхам разбою ці вымагання альбо арганізаванай групай, а таксама ў мэтах учынення злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124 - 127, 131, 287, 289 - 292, 359 і 360 гэтага Кодэкса,

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Заўвага. Пад раскраданнем у гэтым артыкуле маецца на ўвазе наўмыснае проціпраўнае бязвыплатнае завалоданне ўказанымі прадметамі і рэчывамі або правам на іх шляхам крадзяжу, грабяжу, разбою, вымагання, махлярства, злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, прысваення, растраты альбо выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці карыслівай мэты.

Артыкул 295. Незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў

1. Выключана.

2. Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі (акрамя паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі), боепрыпасаў (акрамя боепрыпасаў да паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі), выбуховых рэчываў, узрыўных устройстваў, альбо незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, перавозка, перасылка або нашэнне састаўных частак ці кампанентаў агнястрэльнай зброі (акрамя састаўных частак і кампанентаў паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі), або незаконныя выраб ці збыт асноўных частак узрыўных устройстваў –

 караюцца папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, ці пазбаўленнем волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткай 2 гэтага артыкула, учыненыя паўторна або групай асоб па папярэдняй змове, –

 караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў альбо пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці ці без канфіскацыі. 

4. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 2 або 3 гэтага артыкула, учыненыя арганізаванай групай, а таксама ў мэтах учынення злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124 - 127, 131, 287, 289 - 292, 359 і 360 гэтага Кодэкса, –

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад чатырох да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Заўвага. Асоба, якая добраахвотна здала прадметы, указаныя ў артыкулах 295 - 297 гэтага Кодэкса, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за дзеянні, прадугледжаныя названымі артыкуламі, акрамя выпадкаў збыту.

Артыкул 309. Наўмыснае прывядзенне ў непрыгодны стан транспартнага сродку або шляхоў зносін

1. Наўмыснае разбурэнне, пашкоджанне або прывядзенне іншым спосабам у непрыгодны для эксплуатацыі стан сродкаў чыгуначнага, воднага, паветранага, аўтадарожнага, магістральнага трубаправоднага транспарту, шляхоў зносін, збудаванняў на іх, сродкаў сігналізацыі альбо сувязі ці іншага транспартнага абсталявання, калі гэтыя дзеянні заведама для вінаватага маглі прывесці да смерці чалавека, крушэння, аварыі ці іншых цяжкіх наступстваў, –
караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

2. Тыя ж дзеянні, што па неасцярожнасці прывялі да нанясення цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання альбо шкоды ў асабліва буйным памеры, –

 караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, ці пазбаўленнем волі на тэрмін да чатырох гадоў.

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткай 1 або 2 гэтага артыкула, што па неасцярожнасці прывялі да смерці чалавека, –

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

4. Дзеянні, прадугледжаныя часткай 1 гэтага артыкула, ажыццёўленыя ў мэтах учынення злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124, 126, 289, 359 і 360 гэтага Кодэкса, –

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.


Артыкул 311. Угон або захоп з мэтай угону чыгуначнага рухомага саставу, паветранага ці воднага судна 

1. Угон або захоп з мэтай угону чыгуначнага рухомага саставу, паветранага ці воднага судна –

 караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін. 

2. Такія ж дзеянні, учыненыя групай асоб па папярэдняй змове, або з прымяненнем насілля ці з пагрозай яго прымянення, або якія прывялі да нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры, – 

 караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.
 
3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя арганізаванай групай, альбо якія прывялі па неасцярожнасці да смерці чалавека, або нанясення цяжкага цялеснага пашкоджання, а таксама ў мэтах учынення злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124, 126, 289, 359 і 360 гэтага Кодэкса, – 

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў. 


Артыкул 322. Незаконныя набыццё, захоўванне, выкарыстанне, збыт або разбурэнне радыеактыўных матэрыялаў

1. Незаконныя набыццё, захоўванне, выкарыстанне, збыт або разбурэнне радыеактыўных матэрыялаў (крыніц іанізуючага выпрамянення, радыеактыўных рэчываў і ядзерных матэрыялаў, якія знаходзяцца ў любым фізічным стане ва ўстаноўцы, вырабе або ў іншым выглядзе) –

 караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, альбо абмежаваннем свабоды на тэрмін да чатырох гадоў, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

2. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна, або групай асоб, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, ці асобай, якая раней учыняла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 323 - 325 гэтага Кодэкса, –

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад чатырох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, ажыццёўленыя ў мэтах учынення злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124 - 127, 131, 287, 289 - 292, 359 і 360 гэтага Кодэкса, –

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.


Артыкул 323. Крадзеж радыеактыўных матэрыялаў

1. Крадзеж радыеактыўных матэрыялаў, а таксама фінансаванне такога крадзяжу –

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да васьмі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

2. Тое ж дзеянне, учыненае паўторна, або групай асоб, альбо асобай, якой указаныя сродкі давераны ў сувязі з яе службовай ці прафесійнай дзейнасцю альбо пад ахову, ці асобай, якая раней учыняла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 322 або 324 гэтага Кодэкса, –

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю альбо без пазбаўлення.

3. Дзеянні, прадугледжаныя 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя шляхам разбою альбо вымагання ці арганізаванай групай, а тасама ў мэтах учынення злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124 - 127, 131, 287, 289 - 292, 359 і 360 гэтага Кодэкса, –

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.


Артыкул 324. Пагроза небяспечным выкарыстаннем радыеактыўных матэрыялаў

1. Пагроза небяспечным выкарыстаннем радыеактыўных матэрыялаў у мэтах прымусу дзяржаўнага органа, міжнароднай арганізацыі, фізічнай або юрыдычнай асобы да ўчынення якога-небудзь дзеяння альбо ўстрымання ад яго ці ў іншых мэтах, калі былі падставы апасацца гэтай пагрозы, –

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў.

2. Тое ж дзеянне, учыненае паўторна альбо групай асоб па папярэдняй змове, –

 караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 1 або 2 гэтага артыкула, учыненыя асобай,  якая раней учыняла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 124, 126, 289, 290, часткай 4 артыкула 309, часткай 3 артыкула 311, артыкуламі 359 і 360 гэтага Кодэкса, –

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.


Артыкул 333. Незаконны абарот моцнадзейных або атрутных рэчываў 

1. Незаконныя ў мэтах збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка моцнадзейных або атрутных рэчываў, якія не з'яўляюцца наркатычнымі сродкамі, псіхатропнымі рэчывамі, іх аналагамі, ці іх збыт, альбо раскраданне –

 караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін.

2. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна, або групай асоб, альбо раскраданне моцнадзейных ці атрутных рэчываў шляхам разбою або вымагання, а таксама ў мэтах учынення злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 124 - 127, 131, 287, 289 - 292, 359 і 360 гэтага Кодэкса, –

 караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.


У адпаведнасці з артыкулам 10 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь злачынным дзеяннем (злачынствам) прызнаецца ўчыненне вінавата забароненага Крымінальным кодэксам дзеяння не толькі ў выглядзе скончанага злачынства, падрыхтоўкі да ўчынення ці замаху на ўчыненне злачынства, але і саўдзельніцтва ва ўчыненні злачынства.

У адпаведнасці з артыкулам 16 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь асоба, якая садзейнiчала ўчыненню злачынства парадамі, указаннямі, прадастаўленнем інфармацыі або прылад і сродкаў (напрыклад, транспартныя сродкі) учынення злачынства, устараненнем перашкод ці аказаннем іншай дапамогі (напрыклад, прадастаўленне памяшканняў), або асоба, якая загадзя абяцала скрыць злачынца, прылады ці сродкі ўчынення злачынства, сляды злачынства або прадметы, здабытыя злачынным шляхам, або асоба, якая загадзя абяцала набыць ці збыць такія прадметы, прызнаецца саўдзельнікам і падлягае прыцягненню да крымінальнай адказнасці за саўдзельніцтва.
Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе: http://kgb.gov.by/by/perechen-uk-by/