Настройкі
Мова
Шрыфт
PT Sans
Times New Roman
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь
Галоўная / Аб Камітэце дзяржаўнай бяспекі / Гісторыя органаў дзяржаўнай бяспекі / З гісторыі адміністрацыйнага будынка НКДБ-КДБ Беларусі
З гісторыі адміністрацыйнага будынка НКДБ-КДБ Беларусі

Пастановай Савета Народных Камісараў (СНК) Беларускай ССР № 1223 ад 21 жніўня 1945 г. «Аб будаўніцтве новага будынка НКДБ у г. Мінску» было прынята рашэнне адвесці для будаўніцтва новага будынка Народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі (НКДБ) у г. Мінску «ўчастак па Савецкай вуліцы паміж вуліцай Камсамольскай і будынкам НКУС БССР» (цяпер корпус адміністрацыйнага будынка МУС Рэспублікі Беларусь на скрыжаванні праспекта Незалежнасці з вуліцай Гарадскі Вал).

Тэхнічны праект адміністрацыйнага будынка НКДБ быў распрацаваны Дзяржаўнай архітэктурнай майстэрняй члена-карэспандэнта Усесаюзнай Акадэміі архітэктуры архітэктара М.П. Паруснікава. Акрамя яго ў склад аўтарскага калектыву ўваходзілі архітэктары  Г.П. Баданаў і А.В. Апосталава.

Будынак быў запраектаваны на 4 паверхі з падвалам, які дзякуючы зніжэнню рэльефу па вуліцы Камсамольскай плаўна пераходзіў у цокальны паверх. Акрамя асноўнай забудовы па вуліцах Савецкай і Камсамольскай планавалася будаўніцтва клуба НКДБ. Планавалася расшырыць вуліцу Камсамольскую ад Савецкай у напрамку да стадыёна «Дынама» да 60 метраў для далейшага пераўтварэння яе ў бульвар. Згодна з задумай архітэктараў будынак НКДБ на рагу Камсамольскай і Савецкай вуліц павінен быў абмежавацца вежай, якая замкнула бы плануемы бульвар. Паколькі месца размяшчэння вежы было адным з самых высокіх у горадзе, то чакалася, што вежа стане вышыннай кампазіцыяй гарадскога ансамбля.

У якасці экспертаў былі прыцягнуты галоўны архітэктар Мінска Ю.А. Ягораў, архітэктар Л.І. Баталаў, інжынеры А.А. Чарнавусаў, Н.В. Фальберг і В.А. Вятрук. Экспертная камісія выказала шэраг заўваг наконт тэхнічнага праекта будынка НКДБ. У прыватнасці, у падрыхтаваным камісіяй заключэнні адзначалася: «Улічваючы, што будынкі абодвух Наркаматаў з’яўляюцца выключнымі па дзяржаўнай важнасці, варта лічыць немэтазгодным  ствараць шчыльную забудову, дрэнную праветрывальнасць двароў, цяжкія ўмовы перамяшчэння пажарных машын і разварот іх ва ўнутраных дварах».

Быў выказаны шэраг заўваг наконт праекта вежы будынка і праекта тэатра НКДБ, праекта вертыкальнай планіроўкі будынка НКДБ, распрацоўкі фасадаў будынка, планаў паверхаў будынка і інш.

Тэхнічны праект адміністрацыйнага будынка НКДБ і экспертная ацэнка архітэктурна-планіровачнай часткі праекта былі разгледжаны 21 лютага 1946 г. на пасяджэнні Архітэктурнага савета пры начальніку Упраўлення па справах архітэктуры пры СНК БССР.

Па выніках пасяджэння была прынята пастанова, якая зацвердзіла тэхнічны праект з улікам большасці заўваг экспертызы. Асобнае палажэнне пастановы патрабавала прадстаўлення новага варыянта рашэння вежы. У выніку першапачаткова запланаваны шпіль з праекта вежы быў выключаны.

 Дату зацвярджэння тэхнічнага праекта адміністрацыйнага будынка НКДБ можна лічыць датай пачатку яго будаўніцтва. Само будаўніцтва вялося паскоранымі тэмпамі і было завершана да лістапада 1947 г. Кіравала будаўніцтвам Адміністрацыйна-гаспадарчае ўпраўленне (АГУ) МДБ БССР. У якасці рабочай сілы прыцягваліся нямецкія ваеннапалонныя.

12 лістапада 1947 г. Міністрам дзяржбяспекі Беларускай ССР быў падпісаны загад «Аб стварэнні камісіі па размяшчэнні ўпраўленняў і аддзелаў МДБ БССР у новым адміністрацыйным будынку». Старшынёй камісіі быў назначаны намеснік міністра палкоўнік П.І. Прыбаў, у склад камісіі ўвайшлі кіраўнікі падраздзяленняў міністэрства. А ўжо 4 снежня 1947 г. быў выдадзены загад «Аб перамяшчэнні ўпраўленняў і аддзелаў МДБ БССР у новае службовае памяшканне». У загадзе гаварылася, што:

«У выніку вялізнай працы і творчай работы ўсяго калектыву супрацоўнікаў і партыйнай арганізацыі Міністэрства Дзяржаўнай Бяспекі Беларускай ССР, будаўніцтва новага службовага памяшкання завершана ў кароткі тэрмін і будынак прыняты да эксплуатацыі».

Загадам быў назначаны «тэрмін пераводу ўпраўленняў і аддзелаў МДБ БССР са старога памяшкання ў новае, у нерабочы час 6 і 7 снежня бягучага года, з такім разлікам, каб ужо 8 снежня 1947 г. работа праходзіла цалкам нармальна ў новым службовым памяшканні». Перавод супрацоўнікаў у новы будынак ажыццяўляўся пад агульным кіраўніцтвам начальніка АГУ МДБ БССР падпалкоўніка Д.М. Пятрова. Для кожнага ўпраўлення і аддзела зацвярджаўся графік. Загад абавязваў папярэдзіць усіх супрацоўнікаў, «што ў новым памяшканні неабходна пастаянна падтрымліваць чысціню, парадак і абавязак кожнага афіцэра ахоўваць дзяржаўную маёмасць як зрэнку вока». У канцы загада Міністр дзяржбяспекі выказваў «цвёрдую перакананасць у тым, што калектыў супрацоўнікаў МДБ БССР, справіўшыся з задачай будаўніцтва новага культурнага манументальнага будынка, справіцца таксама з задачай яго правільнай эксплуатацыі».

Будынак КДБ Беларусі, які называецца ў навукова-даведачнай літаратуры «Манументальным адміністрацыйным будынкам», быў запраектаваны як кампазіцыйны цэнтр участка праспекта паміж плошчай Леніна і Цэнтральнай плошчай і вызначыў стылістычны характар усёй забудовы гэтай часткі праспекта.

У маі 1948 года быў уведзены ў эксплуатацыю размешчаны па вуліцы Камсамольскай Клуб імя Ф.Э. Дзяржынскага.

© 2014 Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь